Местечко двух христианских конфессий - гродненская Индура

Местечко двух христианских конфессий - гродненская Индура

Ажыўленая аўтатраса перасякае раскінуты на пагорках гродзенскі аграгарадок Індура. Упершыню паселішча ўзгадваецца на пачатку ХVІ стагоддзя як маёнтак маршалка Вялікага Княства Літоўскага Яна Давайновіча ў Гродзенскім павеце Трокскага ваяводства. Збудаваў ён у 1522 годзе на высокім пагорку драўляны касцёл Святой Тройцы. Пазней уладарылі мясцовасцю магнаты Кішкі, Радзівілы, Пацы, Валовічы, Ісайкоўскія, Млечкі, Агінскія, Саллагубы, Масальскія.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Індура адышла да Гродзенскага ўезда Расійскай імперыі. Гаспадарылі ў вёсцы шляхціцы Бжастоўскія і Казлоўскія. На падмурку драўлянага касцёла паўстаў мураваны храм. У канцы ХІХ стагоддзя адкрыліся праваслаўная царква Святога Аляксандра Неўскага і сінагога. Храмы і зараз узвышаюцца над падворкамі. У вёсцы дзейнічалі прыходскае вучылішча, пошта, фельдчарскі пункт, піваварня, дзве вінакурні, паўтара дзясятка майстэрань, вапнавы завод. Пастаянна ладзіліся кірмашы.

Па Рыжскаму мірнаму дагавору, з 1921 па 1939 год Індура адносілася да Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вёска стала цэнтрам сельсавета Гродзенскага раёна.

У нямецка-фашысцкую акупацыю ворагі стварылі ў ёй яўрэйскае гета. Вязняў зверскі знішчылі. Мемарыяльным помнікам увекавечана памяць ахвяр вайны.

Арганізаваная ў пасляваенныя гады калектыўная гаспадарка далучана да СВК імя Дзяншчыкова. У 2008 годзе Індура атрымала статус аграгарадка Гродзенскага раёна.

ШЛЯХ у гродзенскі аграгарадок Індура, куды мяне паклікала чарговая вандроўка, пралягае праз высокі нёманскі мост. Слаўная рака зачароўвае сваёй магутнасцю. Прыбярэжныя краявіды натхнялі многіх творцаў. У класічным творы «Зямля пад белымі крыламі» беларускі класік Уладзімір Караткевіч захапляецца чароўнасцю бацькі Нёмана, «у воды якога глядзяцца старажытныя вежы і густыя лістоўныя пушчы».

Рачную плынь поўняць крынічнымі водамі дзясяткі прытокаў. Сярод іх і рачулка Індурка. Зялёнай стужкай поймы апаясвае яна індурскія падворкі, і за вёскай Лаша з воднай плынню рэчкі Свіслач зліваецца з Нёманам. Індурай суседнія літоўцы называюць забалочаную мясцовасць. Старажылы вёскі такімі памятаюць прыбярэжныя нізіны. Меліяратары акультурылі іх.

З аграгарадка, як са стольнага града, у розныя бакі разыходзяцца шэсць дарог. Адна з іх — да абласнога цэнтра, куды крыху болей за два дзясяткі кіламетраў. Праз Індуру часта курсіруюць маршруткі і аўтобусы. У дзесяці кіламетрах ад паселішча пралягае дзяржаўная мяжа з Польшчай.

Вуліцы і завулкі захавалі тыповы заходні стыль. Дамы ў большасці аднапавярховыя з верандамі і прыгожымі стаўнямі. На падворках чысціня і парадак. У палісадніках пад промнямі асенняга сонца яркімі фарбамі красуюцца вяргіні, хрызантэмы. Бурштынавымі гронкамі ўсыпана вінаградная лаза. Лёгка дыхаецца ад паветра, настоенага на водары спелых антонавак. Пераклікаюцца хрыпатымі галасамі маладыя пеўні. Уладарыць царыца восень.

У гэтым заходнім беларускім куточку неаднойчы даводзілася бываць. Памятаю, як уручалі камбайнеру СВК «Індура» Генадзю Куцабе тэлевізар за высокія намалоты на жніве. Прама з завадскога канвеера прывезлі мінскі «Гарызонт». Генадзь Станіслававіч некалькі гадоў запар перамагаў на ўборцы збожжавых. Але так складвалася, што кожны раз у падарунак атрымліваў тэлевізар. Чатыры іх стаялі ў пакоях яго дома. Наш быў пятым. Гаспадар падзякаваў за прэзент і дадаў, што цяпер кожнаму ў сям’і бу­дзе па тэлевізару. Дзве дачкі і сыны-блізняты падрасталі ў доме Куцабаў.

Наш герой ужо на заслужаным адпачынку. Дзеці яго займелі свае сем’і. Індурскае сельгаспрадпрыемства далучана да суседняй гаспадаркі імя Дзяншчыкова. Цэнтральная сядзіба ў суседнім аграгарадку Луцкаўляны. Амаль сорак гадоў узначальвае гаспадарку апантаны справай Васіль Свірыд. За гэты перыяд значна павялічыліся аб’ёмы вытворчасці малака, мяса, прадукцыі раслінаводства. Перааснашчаны машына-трактарны парк. Для працаўнікоў пабудавана звыш паўсотні жылых дамоў.

ВАНДРАВАЦЬ па Індуры адправіліся з намеснікам дырэктара СВК імя Дзяншчыкова Сяргеем Журневічам і старшынёю сельвыканкама Цемірбулатам Чэрыўханавым. У Цемірбулата Хаджымуратавіча я пацікавіўся, як ён з Каўказа трапіў у Беларусь. І ў адказ пачуў, што вырас ён у сялянскай сям’і. Дыплом ветурача атрымаў у Дагестанскай дзяржсельгасакадэміі. Неспакойны быў час: распадалася вялікая краіна. Панавала неразбярыха. Малады спецыяліст вырашыў размеркавацца ў спакойную Беларусь. Два гады працаваў ветурачом у смаргонскім калгасе «Праўда». Вярнуўся на радзіму, дзе яго чакала нявеста. Згулялі каўказскае вяселле. З маладою жонкай Дзінарай Казанмурзаеўнай, выпускніцай медінстытута, вырашылі сямейнае жыццё пачынаць у Беларусі. Гродзенскія сябры прыветліва сустрэлі іх. Маладыя атрымалі жыллё. Бацькі і сваякі з Дагестана прыязджалі наведаць іх. Уразілі гасцей парадак і цікавая беларуская культура.

Роднай стала Гродзеншчына для дзяцей Чэрыўханавых. Сын Даніял скончыў эканамічны факультэт Гродзенскага дзяржсельгасуніверсітэта. Захапляецца футболам. Гуляе ў дублі футбольнай каманды «Нёман». Дачка Каміля з залатым медалём скончыла сярэднюю школу і стала студэнткай Гродзенскага дзяржмедуніверсітэта. З гонарам адзначыў Цемірбулат Хаджымуратавіч, што ў выпускным класе яна заняла прызавое месца па беларускай мове ў раённым конкурсе школьнікаў.

Залаты медаль атрымала за сярэднюю школу і яе аднакласніца Вераніка Журневіч і таксама стала студэнткай. Як і Цемірбулат Хаджымуратавіч, бацька Веранікі, Сяргей Аляксандравіч, удзячны настаўнікам. На тэрыторыі сельсавета дзве сярэднія школы. З дзевяці выпускнікоў Луцкаўлянскай сярэдняй школы трое — медалісты. Удвая больш выхаванцаў атрымалі атэстаты сталасці ў Індурскай СШ. Не здзівіла дырэктара Валянціну Наседкіну, што амаль усе яны вырашылі атрымліваць працоўныя прафесіі. У школе амаль тры дзесяцігоддзі дзейнічае прафесійная падрыхтоўка трактарыстаў-машыністаў катэгорыі «А». СВК імя Дзяншчыкова для практычнага навучання выдзяліў трактар. Заняткі на ім праводзіць вопытны майстар Мечыслаў Кавалеўскі. Многія яго выхаванцы папоўнілі атрад механізатараў. Трактарыстамі працуюць Алег Бандарэвіч, Віктар Багдзей, Юрый Каранеўскі, Павел Якусік. Сёлета 24 старшакласнікі Луцкаўлянскай і Індурскай сярэдніх школ атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку. Выпускнікі школы працуюць жывёлаводамі, спецыялістамі гаспадаркі.

Сямнаццаты год паспяхова кіруе агранамічнай службай СВК імя Дзяншчыкова Генадзь Эйсмант. Малодшы брат Іван Міхайлавіч узначальвае Белтэлерадыёкампанію. Нечаста выпадае сустракацца з ім. Хапае спраў у кожнага. Заўжды выкройваюць час, каб адведаць бацькоў. Да выхаду на пенсію Ганна Канстанцінаўна выкладала ў школе родную мову, а Міхаіл Андрэевіч працаваў вадзіцелем у калгасе. Кіраваў перадавой гаспадаркай мудры старшыня Пётр Дзяншчыкоў. Па паўсотні цэнтнераў збожжа з гектара атрымлівалі тады на калгасных палях. За высокія вытворчыя паказчыкі Пётр Іосіфавіч у 1971 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Імя яго носіць рэфармаванае сельгаспрадпрыемства. На будынку канторы ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар слыннага старшыні. Лепшай у раёне гаспадарцы па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ўручаецца пераходны прыз імя Пятра Дзяншчыкова. Часта яго атрымліваюць жывёлаводы аднайменнага СВК. Сярэдні надой ад кожнай з 2200 кароў тут перавысіў 10 000 кілаграмаў. Гэта рэкордны паказчык не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

Спорыцца справа і на палях гаспадаркі. Праз перакацістыя пагоркі пад’ехалі да бураковай плантацыі, дзе працавала магутная тэхніка. На ўскрайку ўзвышалася гара ачышчаных ад бацвіння і зямлі караняплодаў. Агромісты пагрузчык хутка запаўняў буракамі кузавы самазвалаў, і яны адпраўляліся на прыёмны пункт Скідзельскага цукровага камбіната. Кіраваў агрэгатам малады механізатар Мікалай Прыгодзіч. У гаспадарку ён пераехаў з сям’ёю з Піншчыны. Атрымаў добраўпарадкаваную кватэру. Летам працаваў на жніве, а восенню ўбірае цукровыя буракі. Ураджайнасцю іх задаволены загадчык участка Дзяніс Шынтар. Кожны гектар дае звыш 700 цэнтнераў салодкіх каранёў. Як і ў жніво, працаўнікам на полі дастаўляюцца гарачыя абеды. Старанне кухараў ацанілі і мы, адведаўшы страў і хлеба з новага ўраджаю.

Тысячагектарная хлебная ніва дала звыш 70 цэнтнераў зерня на круг. Асабліва ўрадзіла азімая трыцікале — па 104 цэнтнеры з гектара. На жніве шчыравалі 17 зернеўборачных камбайнаў. Экіпажы Алега Бандзярэвіча, Анатоля Чугана і Васіля Гузарэвіча намалацілі па тры тысячы тон збожжа. У астатніх экіпажаў намалоты перавысілі па тысячы тон. Валавы збор перавысіў 22 000 тон зерня. Былі гады, калі намалочвалі да 29 000 тон. Парадавала і рапсавае поле. З кожнага з 650 гектараў атрымана па 54 цэнтнеры насення.

Эканамічная служба падсумоўвае вынікі сельскагаспадарчага года. Прыбытак дазваляе развіваць вытворчую дзейнасць, умацоўваць дабрабыт працаўнікоў. Гаспадарка за свае сродкі пастаянна будуе жыллё. Васьмікватэрны жылы дом засялілі навасёлы ў Індуры. Да канца года 8 сямей механізатараў і жывёлаводаў атрымаюць кватэры ў новым доме ў Луцкаўлянах. Новую кватэру атрымала сям’я медыкаў Індурскай участковай бальніцы Вікторыі і Аляксандра Капачэляў.

ТУТЭЙШЫЯ і самі будуюцца. Сельвыканкам праводзіць аукцыёны па продажы сядзіб. На месцы старых дамоў узво­дзяцца сучасныя катэджы. Працуюць жыхары аграгарадка ў сельгаспрадпрыемстве, лясніцтве, на ўчастку раённых электрасетак, на вытворчасці воцата, у бальніцы. Некаторыя знайшлі сабе занятак у абласным цэнтры. Ёсць і аматары садоўніцтва і агародніцтва. Вырашчаную прадукцыю рэалізуюць на гродзенскіх рынках. Імпрэзаваны міні-базар убачылі на прыкасцёльнай плошчы аграгарадка.

Па прыступках падняліся у храм. З мінулых стагоддзяў захаваўся арган. Пад сутарэннямі алтара пробашч Павел Астукевіч хрысціў маленькага Роберта Каржанеўскага. Бацькі з Гродна прыехалі з хлопчыкам у Індуру, дзе іх карані. Урачыста адзначылі ў той дзень і хрышчэнне ўнука Паўліка ў сям’і галоўнага агранома Генадзя Эйсманта.

У праваслаўным храме Аляксандра Неўскага, які ўзвышаецца на суседнім пагорку, сустрэліся са святаром Рыгорам Калядой. Сын яго Пётр старанна фарбаваў парадныя дзверы. Дапамагае трымаць парадак у храме дачка святара Алена і яе дзеці. Уразіў акуратна дагледжаны царкоўны дворык. Пад шатамі дрэў красаваўся плакат з нагоды 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці.

Завіталі ў Дом культуры, што ўпрыгожвае цэнтральную плошчу аграгарадка. У прасторным фае створаны музей «Лялька ў карагодзе жыцця». Унікальныя экспанаты збіралі па ўсёй вобласці. Наведваюць незвычайны музей транзітныя турысты. Вандроўнікаў цікавяць у Індуры будынак сінагогі, старажытнае гарадзішча, векавыя хрысціянскія храмы, арыгінальны сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы.

Старшыня Гродзенскага райсавета Ігар Лябецкі бачыць перспектыву развіцця аграгарадка ў павелічэнні вытворчых магутнасцей малочна-таварнай фермы і свінакомплекса. Гэта дасць новыя рабочыя месцы. Праз аўкцыён рэалізуюцца пустуючыя вытворчыя памяшканні былой гаспадаркі. Аграгарадок уключаны ў раённую праграму развіцця. Маладым працягваць яго багатую гісторыю.